ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,
асноўны аддзел нервовай сістэмы жывёл і чалавека, гал. і спецыфічная функцыян. дзейнасць якога — ажыццяўленне рэфлексаў, звязаных з распаўсюджваннем узбуджэння і тармажэння па рэфлекторных дугах. У беспазваночных складаецца з гангліяў і нерв. ланцужка, у пазваночных — са спіннога мозга і галаўнога мозга. У вышэйшых жывёл і чалавека ніжэйшыя і сярэднія аддзелы Ц.н.с. — спінны мозг, прадаўгаваты мозг, сярэдні мозг, прамежкавы мозг, мазжачок — рэгулююць дзейнасць асобных органаў і сістэм арганізма, ажыццяўляюць сувязь і ўзаемадзеянне паміж імі, забяспечваюць адзінства арганізма і цэласнасць яго дзейнасці. Спецыфічная адзнака Ц.н.с. — забеспячэнне функцыян. субардынацыі (пэўнай супадпарадкаванасці паміж органамі). Вышэйшы аддзел Ц.н.с. — кара вялікіх паўшар’яў галаўнога мозга.
У прасцейшых жывёл адсутнічае. У кішачнаполасцевых дыфузная нерв. сістэма. Станаўленне прасцейшай Ц.н.с. звязана з сегментацыяй цела (напр., у раснічных чарвей фарміруюцца нерв. вузлы). У пазваночных Ц.н.с. ўтвараецца ў эмбрыягенезе з вонкавага зародкавага лістка (эктадэрмы) і адносіцца да тыпу трубчастай нерв. сістэмы. У працэсе нейруляцыі пярэдні канец нерв. трубкі падзяляецца на 3 мазгавыя пузыры, яе задняя частка ператвараецца ў спінны мозг. У працэсе гіст. развіцця пазваночных яе будова ўскладнялася, часткі, размешчаныя ў пярэднім аддзеле цела (галаўны мозг, асабліва кара вялікіх паўшар’яў), набылі надзвычай важнае значэнне (гл. Вышэйшая нервовая дзейнасць). Імпульсы ад рэцэптараў праходзяць па цэнтраімклівых нервовых валокнах, далей яны пералаюцца на цэнтрабежныя нервовыя валокны, па якіх узбуджэнне дасягае органаў і тканак, выклікаючы змены іх функцыян. стану.
Літ.:
Костюк П.Г. Физиология центральной нервной системы. Киев, 1977;
Общая физиология нервной системы. Л., 1979;
Частная физиология нервной системы. Л., 1983.
Т.І.Жукоўская.
т. 17, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)